БА́ДЭНСКА-ПФА́ЛЬЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,

выступленне на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі 27.3.1849. Адбылося ў маі—ліп. 1849 у Бадэне і баварскім Пфальцы. Ваен. кіраўнік паўстання польскі афіцэр-эмігрант Л.Мераслаўскі, сац. рух узначальвалі дэмакраты, звязаныя з левай фракцыяй Франкфурцкага парламента. 13—14 мая паўстанцы (рабочыя і каля 20 тыс. салдатаў рэгулярнай арміі) скінулі рэакц. ўрады ў Бадэне і Пфальцы і ўтварылі замест іх выканаўчыя к-ты. Задушана 60-тысячным прускім войскам на чале з кронпрынцам Вільгельмам. Частка паўстанцаў, у т. л. Ф.Энгельс, уцякла ў Швейцарыю. Разгром паўстання наблізіў канец Франкфурцкага парламента і герм. Рэвалюцыі.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)